Уварваўся красавік
З ветрыкам імклівым.
Да дзвярэй і шыб прынік
Позіркам руплівым.
Зайчык сонечны ў вакно
Зазірнуў, як злодзей.
Снегу белага радно
Знікла, бо — не ў модзе…
Неба сонейка часцей
Цеплынёй лагодзіць,
Сустракае парк гасцей
Шыльдай на ўваходзе.
Лес прачнуўся, гай і луг,
Рунь хвалюе поле.
Даставай, араты, плуг!
Папрацуй уволю!
Не дарма красавіком
Месяц называюць.
Ён сапраўдным мастаком
Стане перад маем.